ПРЭ́ТАРСКАЕ ПРА́ВА (лац. jus praetorium),

прававая сістэма ў Стараж. Рыме, што складалася з рашэнняў (эдыктаў) прэтараў — службовых асоб, якія ажыццяўлялі пераважна судовыя, прававыя функцыі. Рашэнні прэтараў заўсёды насілі працэсуальны, а не матэрыяльны характар, бо яны не мелі права адмяняць або змяняць законы. Прэтарскі эдыкт дзейнічаў на працягу года, але кожны новы яго пераемнік пры складанні свайго эдыкта выкарыстоўваў найб. важныя прававыя ўстанаўленні папярэднікаў, фактычна спыняючы дзеянне састарэлых норм. З сярэдзіны 2 ст. да н.э. прэтары атрымалі права складаць у ходзе суд. працэсу абавязковую для суддзяў юрыд. інструкцыю. т.зв. фармулярны працэс. П.п. істотным чынам рэфармавала ін-ты прыватнага права, напр., валоданне, дагавор, права на спадчыну. У 4—5 ст. н.э. адбылося збліжэнне П.п. і цывільнага права, што прывяло да поўнай іх аднастайнасці.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)